ЧАЦВЁРТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых,

сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Адбыўся 14—18.12.1922 у Мінску; 250 дэлегатаў з рашаючым і 43 з дарадчым голасам (паводле інш. звестак адпаведна 226 і 24). Парадак дня: аб дзейнасці ўрада ССРБ (А.​Р.​Чарвякоў); аб утварэнні СССР (Чарвякоў); прыняцце і зацвярджэнне Канстытуцыі СССР (РСФСР, Украіны, Беларусі, ЗСФСР); аб становішчы нар. адукацыі (А.​В.​Баліцкі, У.​М.​Ігнатоўскі, У.​І.​Пічэта, А.​Т.​Кірсанаў); аб рабоце Наркамзема (А.​С.​Славінскі); аб харчпадатку (І.​А.​Адамайціс); аб рабоце Наркамфіна (С.​Я.​Талунціс); аб рэарганізацыі сав. дзярж. апарату (В.​А.​Нодэль); даклады Прэзідыума СНГ ССРБ аб становішчы прам-сці (А.​С.​Карпешын), Цэнтрабелсаюза аб кааперацыі (Я.​Л.​Дыла); судовы лад; выбары ЦВК БССР і дэлегатаў на 10-ы Усерас. з’езд Саветаў. З’езд падкрэсліў значэнне адзінства сав. рэспублік у барацьбе за ўсталяванне новага ладу і ўзмацненне братэрскіх сувязей працоўных усіх рэспублік, падтрымаў ідэю добраахвотнага і раўнапраўнага аб’яднання рэспублік у адзінай дзяржаве, зацвердзіў асн. пункты Канстытуцыі Саюза ССР, якія былі ўхвалены ЦК РКП(б) яшчэ 30.11.1922. Асаблівая ўвага звернута на аднаўленне сельскай гаспадаркі і прам-сці рэспублікі. Канстатавалася ў асн. станоўчая дынаміка развіцця нар. гаспадаркі ССРБ у 1921—22, адначасова падкрэсліваліся крызісныя моманты ў параўнанні з дарэв. часам. З’езд выбраў ЦВК БССР, 27 дэлегатаў на 10-ы Усерас. з’езд Саветаў. 18.12.1922 на 1-й сесіі ЦВК БССР выбраны Прэзідыум ЦВК з 7 чл. і СНК БССР з 15 чл.

Літ.:

Доклад правительства ССР Белоруссии 4-му Всебелорусскому съезду Советов: (Стеногр. отчет). Мн., 1922.

І.​Г.​Яцкевіч.

т. 17, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)